На двары вясна, на календары апошні дзень мая. Менавіта ў гэты чароўны сонечны дзень ва ўсіх школах нашай рэспублікі праходзяць мерапрыемствы прысвечаныя святу апошняга званка.
Для кожнага навучэнца гэта свята асобае. Нехта сумуе, што дзяцінства ўжо сыходзіць, нехта радуецца, бо яшчэ колькі такіх званкоў будзе наперадзе.
Найбольш значны гэты дзень для выпускнікоў. Яны пакідаюць школу назаўжды, развітваюцца са сваімі вернымі сябрамі – настаўнікамі, са сваімі аднакласнікамі, са сваім вясёлым і прыгодніцкім дзяцінствам.
Сёлета ў нашай дзяржаўнай установе адукацыі “Любанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа імя С. Д. Романа” пяць выпускнікоў. Гэта: Андрусевіч Канстанцін, Дайнека Юлія, Пабягайла Уладзіслаў, Тукач Вікторыя і Гуцко Уладзіслаў.
За адзінаццаць год гэты клас змог даказаць усе тэарэмы, пацвердзіць усе аксіёмы і вывесці ўласныя формулы выдатнай вучобы. Дзякуючы невычэрпнаму аптымізму, працавітасці і заразлівым усмешкам на іх тварах у класе выявіліся пераможцы розных алімпіяд, лаўрэаты многіх конкурсаў, выдатнікі і проста вельмі добрыя і вясёлыя рабяты.
“Апошні званок-2014” сабраў шмат сяброў. Па розным адзнакам на свяце прысутнічала каля 80 чалавек. Гэта і педагогі, і бацькі, і вучні, і працаўнікі школы, ганаровыя госці. Да апошніх адносіліся: старшыня Любанскага сельскага выканаўчага камітэта і Любанскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Міхайлаўна Кароль, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама Людміла Мікалаеўна Шуст, дарэктар ААТ “Бумажкова-агра” Лідзія Віктараўна Дайнека, ляснічы Любанскага лясніцва Мікалай Уладзіміравіч Крываножка.
Першай са словамі віншавання выказалася выканаўчы абавязкі дырэктара школы Ірына Васільеўна Маскальчук.Яна таксама зачытала загады аб допуску выпускнікоў да здачы выпускных экзаменаў, загад аб вызваленні аб экзамена па выбары па гісторыі Беларусі Канстанціна Андрусевіча, у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі і іх пунктамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адпаведнасці са складам ліста ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта як пераможца трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Яшчэ адной нечаканасцю стала тэлеграма, якую зачытала в. а. дырэктара, ад былога класнага кіраўніка (7-8 класы) цяперашніх выпускнікоў Паўла Віктаравіча Журава, што вельмі ўзрадавала, уразіла і расчула герояў свята.
Прагучалі чулыя словы віншавання і ад старшыні Любанскага сельвыканкама Т. М. Кароль. Яна пажадала выпускнікам устойлівасці, перамогі над усімі цяжкасцямі і нягодамі і запэўнілася аб годным выбары выпускнікамі сваіх шляхоў жыцця. У адпаведнасці з рэспубліканскай акцыяй “МЫ – дзецям!” да Дня абароны дзяцей, 1 чэрвеня, ад дэпутацкага корпуса сельсавета старшыня таксама зрабіла падарунак дашкольнай групе ў выглядзе салодкіх пачастункаў.
Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама Л. М. Шуст павіншавала ўсіх навучэнцаў, настаўнікаў і выпускнікоў з завяршэннем навучальнага года, пажадала бяспечнага вясёлага адпачынку і ў адпаведнасці з акцыяй “Скураны мяч” ад Мінадукацыі і Белаграпрамбанка падаравала першакласнікам футбольныя мячы.
Адміністрацыя ААТ “Бумажкова-агра” на чале з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Л. В. Дайнека выказалася віншаваннямі на адрас выпускнікоў, настаўнікаў і вучняў. А таксама ад імя акцыянераў адкрытага акцыянернага таварыства прыпаднесла выпускнікам друкаваныя выданні кнігі “Гомельшчына аграрная”.
Павіншавалі выпускнікоў і першая настаўніца Валянціна Паўлаўна Палуян, і класны кіраўнік Ала Анісімаўна Качарава, а таксама ад імя ўсіх бацькоў выпускнікоў выказалася Алена Рыгораўна Гуцко.
Безумоўна, усё сказанае не магло не выклікаць у нашых выпускнікоў чулых пачуццяў і слёз… Слёзы ці то радасці, ці то смутку каціліся з вачэй. І са слёзамі на тварах выпускнікі выконвалі падрыхтаваныя песні, гаварылі свае ветлівыя падзякі настаўнікам, даравалі кветкі…
Пры падрыхтоўцы выпускнікі не абышліся без тэатралізацыі свята. Былі задзейнічаны вучні з розных класаў, якія выконвалі ролі пэўных герояў.
Быў утвораны навукова-даследчы інстытут надзвычайных становішчаў (у час экзаменаў). Вучоныя – Кур’ян Максім і Тукач Валерыя – прадставілі свае распрацоўкі і каштоўныя рэкамендацыі як здаць экзамены на “выдатна”.
Кузняцова Алена, якая выступіла ў ролі анёла-захавацеля школы, вынесла школьны званок і перадала яго выпускнікам. У яе захапляльным выкананні прагучала “ангельская” песня, якая выклікала шмат выразных пачуццяў у гасцей і віноўнікаў свята.
Кульмінацыйнай часткай усяго мерапрыемства стаў апошні школьны званок гэтага навучальнага года. Права даць апошні званок былі ўдастоены вучань 11 класа Андрусевіч Канстанцін і вучаніца 1 класа Андрусевіч Кацярына.
Пад трэль гучнага званка ва ўсіх без выключэння стаяла горыч і ліліся слёзы, ужо не гаворачы пра выпускнікоў, якія са слязьмі і неапісальным смуткам на твары чулі, як ніколі, свой апошні званок…